МАГІЛЁЎСКІ ЧЫГУ́НАЧНЫ ВАКЗА́Л,

помнік архітэктуры позняга класіцызму ў Магілёве. Пабудаваны ў 1902. Фарміруе Прывакзальную пл. з партэрам у цэнтры яе. Пасля Вял. Айч. вайны будынак рэканструяваны. Мураваны 1-павярховы прамавугольны ў плане будынак з 2 невял. прыбудовамі па тарцах. Гал. фасад вылучаны 3 рызалітамі (цэнтр. з гал. уваходам і 2 бакавыя), завершанымі атыкамі; ён прарэзаны вял. арачнымі аконнымі праёмамі (у прыбудовах — прамавугольныя), прасценкі паміж якімі дэкарыраваны руставанымі пілястрамі. Сцены завершаны прафіляваным карнізам з сухарыкамі. У цэнтры гал. фасада 8-гранны светлавы барабан з невысокай 4-граннай вежай.

В.М.Чарнатаў.

Магілёўскі чыгуначны вакзал.

т. 9, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)